БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,

адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаў паўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)